3 мая 2024 г. — 70 гадоў з дня стварэння Пінскага гарадскога Дома культуры (1954)
Пінская вобласць з цэнтрам у г. Пінску была скасавана 8 студзеня 1954 г., яе раёны ўвайшлі ў склад Брэсцкай вобласці. Абласныя ўстановы скасаваны альбо былі пераўтвораны. Пінскі (Палескі) абласны драматычны тэатр быў пераведзены ў Магілёў і пераўтвораны ў Магілёўскі абласны драматычны тэатр. На яго месцы па вул. Чарняхоўскага, 36 пачаў сваю работу Пінскі гарадскі Дом культуры, які быў утвораны 3 мая 1954 г.
21 чэрвеня 2024 г. — 10 гадоў з дня адкрыцця Расійскага цэнтра навукі і культуры ў г. Брэсце (2014), аддзялення Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь
Расійскія цэнтры навукі і культуры адкрыты ў больш чым 60 краінах свету. У Беларусі яны паспяхова працуюць у Мінску, Брэсце, Гомелі і Гродне. Для ўсіх, хто цікавіцца Расіяй, жадае бліжэй пазнаёміцца з яе шматвякавой гісторыяй, унікальнай культурай, адукацыйнымі магчымасцямі і турыстычным патэнцыялам тут створана шматпрофільная культурна-гуманітарная прастора.
2023 г. — 255 гадоў з часу закладкі Кобрынскага парку імя А. В. Суворава (1768), 75 гадоў у статусе парку культуры і адпачынку (1948), 60 гадоў з часу прысваення статуса помніка садова-паркавага мастацтва (1963)
Кобрынскі парк імя А. В. Суворава адносіцца да ліку найстарэйшых у Беларусі. З невялікай сядзібы ён ператварыўся ў адзін з найбуйнейшых і прыгажэйшых садова-паркавых комплексаў сучаснай Беларусі. Названы ў гонар вялікага рускага палкаводца А. В. Суворава (1730–1800), якому належаў маёнтак «Кобрынскі ключ».
2021 г. — 65 гадоў з дня адкрыцця Дома культуры чыгуначнікаў Брэсцкага аддзялення чыгункі (1956)
Дом культуры чыгуначнікаў Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі быў створаны ў 1948 г. У 1956 г. адкрыты ў перабудаваным памяшканні кінатэатра па вул. Кіжаватава, 9/1, які быў уладкаваны ў будынку былога касцёла, закрытага на пачатку 1950-х гг. Касцёл Сэрца Іісуса быў пабудаваны ў 1932 г. па праекце брэсцкага архітэктара Юзафа Баранскага.